Працоўная слава малой Радзімы
Гэты раздзел музейнай экспазіцыі прысвечаны вядомым працаўнікам калгаса «Светлы шлях»: М. Варонінай, якая з’яўлялася дэлегатам двух з’ездаў КПСС, Э. Рожку, Герою Сацыялістычнай Працы і інш.
Значная частка экспазіцыі прысвечана былому старшыні калгаса «Светлы шлях», ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносцу, ганароваму грамадзяніну Смаргоні М. Крутаўцову, імя якога носіць піянерская дружына школы.
ПАРТРЭТ ПАШУКА М.Ю. ПАРТРЭТ ВАРОНІНАЙ М.А. ПАРТРЭТ БЕНІЦЭВІЧ Б.С.
Беніцэвіч Браніслава Сямёнаўна, нарадзілася ў 1927 г. у в. Рукатка Смаргонскага раёна. Даярка калгаса "Светлы шлях". Узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971) і "Знак Пашаны" (1985).
Вароніна Марыя Аляксандраўна, нарадзілася ў 1940 г. у в. Андрэеўцы Смаргонскага раёна. Свінарка, загадчыца свінагадоўчай фермы калгаса "Светлы шлях". Узнагароджана 2 ордэнамі Леніна (1966, 1973), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971).
Пашук Мар'ян Юльянавіч, нарадзіўся 24 кастрычніка 1927 года ў в. СыраваткіСвірскага раёна Малодзечненскай вобласці.
З 1950 года пачаў працоўную дзейнасць у якасці рахункавода калгаса "Новае жыццё" вёскі Сыраваткі.
З 1952 па 1956 працаваў бугалтэрам калгаса "Шлях Леніна", а з 1956 па 1961 бугалтэрам калгаса "Светлы шлях" у вёсцы Сыраваткі.
З 1961 па 1966 працягваў працаваць спачатку намеснікам, а затым і старшынёй калгаса "Вішнева" Смаргонскага раёна.
З 1966 па 1984 прадаўжаў працоўную дзейнасць спачатку заатэхнікам, а затым і загадчыкам вытворчага ўчастка калгаса "Светлы шлях" в.Сыраваткі.
За выдатныя поспехі ў працы ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медаллю "За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина" (1971), ордэнам Леніна (1972), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1977).
Рожка Эдвард Пятровіч, нарадзіўся ў 1935 г. у в. Андрэеўцы. Скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум (1974). З 1965 г. працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка "Сыраваткі" калгаса "Светлы шлях". Узнагароджаны ордэнам Леніна (1973), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), ордэнам "Знак Пашаны" (1971). У 1976 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Крутаўцоў Міхаіл Мінавіч
Нарадзіўся Крутаўцоў Міхаіл Мінавіч 20 красавіка 1920 года ў вёсцы Муханава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і селяніна-бедняка. Калі быў хлапчуком, пасвіў кароў, а калі падрос, хадзіў на сезонныя работы. У 1937 годзе скончыў Юрцаўскую сямігадовую школу. У 1937 – 1938 гадах працаваў у Аршанскай МТС. З 1938 па 1940 год – у дыстанцыі пуці ПЧ-6. З 1940 па 1945 год служыў у радах Савецкай Арміі, у Адэскай ваеннай акрузе, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна. Міхаіл Мінавіч успамінае:
– Як пачаўся для мяне першы дзень вайны? Як звычайна, у нас, курсантаў артылерыйскай школы, ішлі вучэбныя стрэльбішчы. Над морам ляталі нашы самалёты, цягнулі на буксірных тросах вучэбныя мішэні. Мы па іх стралялі. Нашы гарматы былі размешчаны ля самага мора. Мы вельмі радаваліся, калі траплялі ў мішэні. Вучэнні для нас былі цікавай гульнёй, бо мы былі зусім маладымі. Раптам – цень незнаёмага самалёта. Мы і спалохацца не паспелі, здзівіцца таксама – а многія ўжо ўпалі мёртвымі, скошаныя варожымі кулямі. Так для мяне пачалася вайна.
Ваяваў М.М. Крутаўцоў на Паўднёва-Заходнім фронце, там атрымаў раненні і ордэн Чырвонай Зоркі. Летам 1942 года Міхаіла Мінавіча цяжка параніла асколкам ў грудзі на безымяннай вышыні пад Адэсай. Адбылося гэта так. Нямецкія “тыгры” нечакана паказаліся на гарызонце. З-за недахопу гранат і снарадаў салдаты рашылі падпусціць іх бліжэй. Пачаўся бой. Сілы былі няроўныя. Раптам, як агнём, Міхаілу Мінавічу апякло грудзі. Усё закружылася, у вачах паплылі жоўтыя кругі. Міхаіл Мінавіч страціў прытомнасць. Рана была сур’ёзнай. Ён страціў шмат крыві і ледзь выжыў. Пастухі, якія падабралі беспрытомнага Міхаіла Мінавіча, выхадзілі яго. Восем месяцаў малады арганізм змагаўся са смерцю і перамог яе.
І вось Крутаўцоў М.М. ізноў у страі. І зноў – цяжкія выпрабаванні, баі на рацэ Прут. Міхаіл Мінавіч успамінае пра нямецкія танкавыя атакі:
– Прэ прама на цябе шматтонная махіна, і адна ў яе задача – раздушыць цябе, ператварыць у пыл і гразь, сцерці з твару зямлі. Хто ты перад такой махінай? Кузурка бездапаможная. Але стараюцца маладыя хлопцы з апошніх сіл выжыць, адбіваюцца, як могуць. Думка ва ўсіх адна: хоць бы снарадаў хапіла! Жыць вельмі хацелася, маладыя былі зусім, нічога ў жыцці не пабачылі. Часта прыходзілася смерці ў вочы глядзець, не ўсім пашанцавала выжыць. Балюча перажывала за мяне мая маці, Ефрасіння Рыгораўна. Пісьмы ёй прыходзілі рэдка, а то і зусім не даходзілі. Я заўсёды ўспамінаў сваю сям’ю, думаў пра маці, часта сніў яе, разумеў, як ёй цяжка. Шмат у маім франтавым жыцці было баёў, атак, загадаў. І раненне другое было. І сёння ныюць раны. Да цяперашняга часу рэнтгенаўскі апарат фіксуе ў лёгкіх асколак нямецкага снарада. Так і нашу гэту “памяць аб вайне”, яе “рэчавы доказ”.
Пазней Крутаўцоў М.М. вызваляў Харкаў, Адэсу, сталіцу Венгрыі Будапешт. Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі. У тыя дні ў Празе ўспыхнула антыфашысцкае паўстанне. Гітлераўцы кінулі на яго разгром значныя сілы, гэта была перадсмяротная агонія фашыстаў. Але і становішча пражан было крытычным. Яны прасілі дапамогі. Многія баявыя сябры Міхаіла Мінавіча загінулі ў апошнія дні вайны. Нават 9 мая ў Празе гучалі стрэлы, але жыхары горада ўжо закідвалі кветкамі сваіх вызваліцеляў. 9 мая Міхаіл Мінавіч даведаўся, што ў Берліне была падпісана безагаворачная капітуляцыя Германіі.
Дамоў Крутаўцоў М.М. вярнуўся ў снежні 1945 года.
У 1945 – 1946 гадах працаваў брыгадзірам у саўгасе “Юрцава” Аршанскага раёна, а з 1946 па 1950 год – выконваў абавязкі агранома гэтага саўгаса.
У студзені 1951 года Крутаўцоў М.М. быў накіраваны на работу дырэктарам саўгаса “Дабраўляны” Смаргонскага раёна, дзе працаваў да снежня 1953 года.
У снежні 1953 года сяляне вёскі Сыраваткі выбралі Міхаіла Мінавіча старшынёй калгаса “Светлы шлях”. На гэтай пасадзе ён працаваў да сакавіка 1983 года. Ужо тады яго вылучалі арганізатарскія здольнасці, разумны, дакладна разлічаны падыход да гаспадарання, уменне працаваць з людзьмі. Пачынаць жа прыходзілася, як кажуць, з нічога. Ягоны папярэднік пакінуў зусім благую спадчыну: калгасныя фермы былі раскіданы па хутарах, пра механізацыю вытворчых працэсаў не магло быць нават гутаркі. Таму ў многіх калгаснікаў рукі апускаліся. Крутаўцоў М.М. успамінае:
– Адразу пачаў знаёміцца з людзьмі, калгаснымі справамі. Тады ў калгасе было 49 галоў буйной рагатай жывёлы, 80 свіней. Прытым жывёла знаходзілася ў хляве аднаго з калгаснікаў. Калі я прыехаў да яго, каб паглядзець у якім стане пагалоўе, то на прасторным выгараджаным двары ўбачыў укормленых кароў і цялушак. Акінуў іх вокам і пахваліў гаспадара. Тады гэты чалавек збянтэжыўся і кажа: “Дык гэта мае, уласныя. А калгасныя ў хляве”. Калі ж я зазірнуў туды, то ўбачыў паўжывых цялушак, якім удосталь было накладзена корму. Аказваецца, што корм жывёла ўбачыла перад маім прыходам. А ў хуткім часе яе закапалі.
Паступова Міхаіл Мінавіч набываў аўтарытэт сярод калгаснікаў. Памалу пачаў прыціскаць п’яніц і самагоншчыкаў, спекулянтаў, лайдакоў. Менавіта сваім асабістым прыкладам прымусіў паверыць людзей у сілу калгаса, у лепшае жыццё.
Пасля першага года свайго гаспадарання сабраў Крутаўцоў М.М. усіх на сход і адкрыў, як кажуць, карты: па 1,4 капейкі выйшла на кожны працадзень. Памаўчаўшы, ён нясмела прапанаваў: “Каб на лета больш атрымаць, давайце на гэтыя грошы купім цвікоў і вупраж”. Ніхто з прысутных не запярэчыў, усе згадзіліся з прапановай старшыні.
А на наступны год і сапраўды справы лепш пайшлі. Распачалі будаўніцтва. Пабудавалі чатыры канюшні, клуб, лазні. Потым пабудавалі самы найбольшы кароўнік у вёсцы Пастарыні – на 120 галоў. Пачалі рамантаваць і будаваць занава свае хаты калгаснікі. Лепшым госцем на наваселлях быў Міхаіл Мінавіч.
Разам з будаўніцтвам вялі калгаснікі і іншыя важныя работы. Зямля ў калгасе падзолістая, малаўражайная, месцамі парослая кустамі, палі нізінныя, блізка падыходзяць грунтавыя воды. Над гэтым павінен задумацца аграном, але яго не было, заатэхніка – таксама. Спецыялісты не хацелі ехаць у бедны калгас, абыходзілі яго бокам.
– А усёткі і на падзолах можна атрымліваць добрыя ўраджаі, – не раз казаў калгаснікам М.М. Крутаўцоў. – Толькі трэба пракласці ўздоўж і ўпоперак равы. Выкарыстаем эмтээсаўскі ровакапальнік і экскаватар, адвядзём і скінем лішнюю ваду ў Вілію. Зямельку ўгноім кампостамі, правапнуем і тады атрымаем добры вынік.
Так і зрабілі. У міжсезонне капалі равы, асушалі забалочаныя ўчасткі, карчавалі межы, збіралі каменне. Вельмі прымітыўна, уручную рабілі кампосты з гною і накапанага ў балоце торфу. Зямля рабілася ўрадлівай. Замест ранейшых шасці цэнтнераў зерня з гектара пачалі збіраць да дзесяці і болей.
Папоўнілі і кармавую базу, каровы сталі даваць больш малака.
Аднак вялікіх перспектыў у калгаса не было. Калгас карлікавы, і таму развіццё галін гаспадаркі ішло як бы па замкнёнаму колу. На ўзроўні раёна было прынята рашэнне далучыць да арцелі шэсць дробных, эканамічна слабых калгасаў. У 1958 годзе адбылося аб’яднанне калгаса “Шлях Леніна” з суседнімі калгасамі. Назвалі новую гаспадарку “Светлы шлях”. Новым старшынёй калгаснікі выбралі Крутаўцова М.М.
Працуючы старшынёй калгаса “Светлы шлях” Крутаўцоў М.М. праявіў сябе ўмелым арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці і аўтарытэтным кіраўніком. Яго асабістымі намаганнямі значна павялічылася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур, умацавалася эканоміка гаспадаркі. Калгас “Светлы шлях” штогод выконваў і перавыконваў планы продажу дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры Крутаўцове М.М. калгас стаў міліянерам, атрымаў званне “Гаспадарка высокай культуры земляробства”. Калгас “Светлы шлях” быў прадстаўлены на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.
У гады працы і пры выхадзе на пенсію Міхаіл Мінавіч Крутаўцоў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці раёна. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага, сельскага Саветаў дэпутатаў.
За баявыя заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і шматгадовую сумленную працу, вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Крутаўцоў М.М. узнагароджаны ордэнам “Чырвонай зоркі”, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў”, ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Дружбы народаў”, медалямі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу ў гонар 100-годдзя нараджэння У.І. Леніна”. Крутаўцоў М.М. узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, шматлікімі дыпломамі і граматамі аблвыканкама і райвыканкамі.
5 кастрычніка 1972 года імя Міхаіла Мінавіча Крутаўцова занесена ў Кнігу народнай славы раёна.
23 жніўня 1995 года на 76-м годзе жыцця Міхаіл Мінавіч Крутаўцоў памёр.
Нястомны працаўнік, мудры дарадца, самаадданы патрыёт – такім жыве ў памяці аднавяскоўцаў гэты чалавек.
З 2004 года піянерская дружына дзяржаўнай ўстанова адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Сыраваткінскі яслі-сад – сярэдняя школа" носіць імя М.М. Крутаўцова.
<iframe allow="autoplay; encrypted-media" allowfullscreen="" frameborder="0" height="360" src="https://www.youtube.com/embed/xTs8j9xPEt4" width="640"></iframe>